Казкі дзеда Васіля. Віртуальная кніжная выстава да 110-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі
Васіль Вітка (сапраўднае імя – Цімафей Васільевіч Крысько) нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Быў старэйшым дзіцём ў сям’і, акрамя яго было яшчэ двое братоў і дзве сястры.
Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928), працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у рэдакцыях газет Бабруйска і Жлобіна (1930-1935), у газетах «Чырвоная змена» (1935-1937), «Літаратура і мастацтва» (1937-1938) і часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1938-1939).
Удзельнік пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Да пачатку ВАВ быў сакратаром Беластоцкага абласнога адзела Саюза пісьменнікаў БССР, з пачатку вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», з 1942 г. – у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».
З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром. З 1948 – намеснік, а з 1951 – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-1974 – галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка». У 1974-1987 – член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм».
Памёр 5 ліпеня 1996 года ў Мінску. Спрабаваў пісаць вершы яшчэ ў 2 класе. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1928 г. у штомесячніку «Вясна», літаратурным дадатку да бабруйскай газеты «Камуніст».
Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 годзе ў Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Выбраная лірыка» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). У 1973 выйшлі «Выбраныя творы» ў 2 тамах.
Аўтар п’ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1952).